Зачынена на абед / Выставки / Арт-Беларусь

Зачынена на абед


   3 красавіка 2012 года ў 17.00 у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбудзецца адкрыццё выставы Ганны Сілівончык «Зачынена на абед».  
  Жывапіс Ганны Сілівончык спалучае жаночае какецтва і яркую дзіцячую непасрэднасць, яму аднолькава ўласцівы філасофскія хітраспляценні і шчырая эмацыянальнасць. Толькі з самых-самых свежых уражанняў, жывых пачуццяў, самых светлых і чыстых думак, неўсвядомленых мрояў, салодкіх мар, спакуслівых летуценняў, яскравых фантазій і насычаных вітамінамі фарбаў стварае мастачка свае карціны. 
    Выстава твораў Ганны Сілівончык размесціцца ў трох залах галерэі. Экспазіцыя такім чынам сімвалічна падзяляецца на першае, другое і дэсерт, дзе творы мастацтва пададзены як вытанчаныя стравы і раскошныя далікатэсы, найапетытнейшыя прысмакі, пікантныя закускі, смачнейшыя ласункі – сапраўднае задавальненне для гурмана.  
    Запрашаем і Вас наведаць гэты “званы абед”, дзе, прыадкрываючы дзверы сваёй мастацкай кухні, аўтар падзеліцца з гледачамі рэцэптамі майстэрства і “кулінарнымі сакрэтамі”. 
    Ганна Сілівончык нарадзілася ў 1980 г. у Гомелі. Скончыла Беларускі мастацкі ліцэй імя Ахрэмчыка і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці станкавы жывапіс. З 2008 г. з'яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Удзельніца шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, мае каля дваццаці персанальных. У 2009 г. узнагароджана медалём «Талент і прызначэнне» Міжнароднага фонду міру і згоды. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, музеі сучаснага рускага мастацтва Джэрсі Сіці (ЗША), фондах Гомельскага палацава-паркавага ансамблю (Гомель, Беларусь), Елабужскім дзяржаўным музеі-запаведніку (Елабуга, Расія), прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, ЗША, Ізраіля, Германіі, Польшчы, Кітая.  

Выстава будзе працаваць з 3 красавіка па 17 красавіка 2012 года.
Наш адрас: мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”,
Кастрычніцая пл., 1 (Палац Рэспублікі). Мы працуем: 11.00 – 19.00, выхадныя: нядзеля, панядзелак. Кантактны тэл.: 327-26-12
  • 0
  • 11 апреля 2012, 21:01
  • Inno4ka

Комментарии (0)

RSS свернуть / развернуть

Только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.