
Упершыню я пазнаёміўся з Тодарам Кашкурэвічам на схіле савецкай эпохі. Дом Кіно, адна з незлічоных мастацкіх імпрэзаў. Я самотна блукаю па фае. І тут Анатоль Сыс падводзіць да мяне Тодара са словамі: я нарэшце знайшоў чалавека, з якім табе будзе цікава паразмаўляць.
Што ён тады меў на ўвазе, я так і не зразумеў. Але нашая з Тодарам размова, што распачалася напрыканцы васьмідзясятых, — пра мастацтва, пра авангард, пра культурную традыцыю, — цягнецца больш за дваццаць год і аніяк не сканчаецца.
— Хацелася б пачаць ад самога пачатку, ад сямейных традыцыяў. Ты прадстаўнік мастацкай дынастыі. Нарадзіўся, гадаваўся у атачэнні мастакоў, у атмасфэры мастацтва. З чаго пачалася твая траекторыя, твой досвед мастацтва? Як ты ўваходзіў у гэтую прастору?
— Калі пачынаць ад пачатку, дык пэўна трэба пачаць ад сям’і, ад бацькі — Арлена Кашкурэвіча. Ад ягонай асобы. Бацька, хаця значную частку жыцця жыў і тварыў пры савецкай уладзе, не быў мастаком так званай соцрэалістычнай школы. Пачынаючы недзе ад шасцідзесятых ён быў хутчэй у мастацтве апазіцыянерам і свой мастацкі стыль фармаваў пераважна на аснове нямецкага экспрэсіянізма. Гэты клімат сям’і, асоба бацькі безумоўна паўплывалі на фармаванне мастацкага мыслення і майго брата Ігара і мяне самога. Безумоўна, была яшчэ бібліятэка з кнігамі па гісторыі мастацтва. А таксама была пэўная атмасфера часу, у якую мы з братам таксама патраплялі, бо развіваліся ў 70-80-х гадах, калі апазіцыйнасць у мастацтве і апазіцыйнасць мастацтва была істотным і відавочным чыннікам у грамадстве. Таму напачатку асноўным фармуючым фактарам для мяне былі авангардныя плыні.
Читать дальше